БРЫНЁЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА БУ́РАГА ВУ́ГАЛЮ,

у Беларусі, у Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Брынёў. Выяўлена ў 1973 у адкладах верхняга алігацэну і міяцэну. Мае адзін паклад. Сярэдняя магутнасць вугальнага пласта 5,8 м (макс. 19,9 м). Сярэдняя глыб. залягання 65 м (макс. 83 м). Вугалі гумусавыя, маркі І Б. Цеплыня згарання 7,1—21,5 МДж/кг. Сярэдняя попельнасць 26,6%. Разведана папярэдне. На пл. 7,1 км² запасы вугалю 38,6 млн. т. Радовішча не эксплуатуецца (1996).

т. 3, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)